Гомельский государственный технический университет имени П.О.Сухого

На кафедры «Прамысловая электроніка» адбыліся абароны дыпломных праектаў

У перыяд з 15 па 23 чэрвеня на кафедры «Прамысловая электроніка» адбыліся абароны дыпломных праектаў студэнтамі выпускных курсаў спецыяльнасцей «Прамысловая электроніка» і «Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах».

Упершыню на кафедры абароны адбываліся адначасова ў студэнтаў дзённай, завочнай і завочнай скарочанай форм навучання. Усяго было абаронена 140 дыпломных праектаў. Акрамя таго, адбылася паспяховая абарона 6 магістарскіх дысертацый магістрантамі спецыяльнсці «Аўтаматызацыя і кіраванне тэхналагічнымі працэсамі і вытворчасцямі».

На кафедры працавалі дзве Дзяржаўныя экзаменацыйныя камісіі, якія ўзначальвалі загадчык кафедры «Радыёфізіка і электроніка» Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны В.М. Мышкавец і вядучы інжынер тэхнічнага аддзела цэнтральнага апарата РУП ВА «Беларуснафта» А.В. Берлін. Неабходна адзначыць, што старшыні камісій арганізавалі іх работу ў атмасферы патрабавальнасці, але разам з тым далі магчымасць кожнаму-студэнту дыпломніку дэталёва раскрыць інжынерныя і навуковыя аспекты кожнага праекта. Індывідуальны падыход да кожнага студэнта-дыпломніка дазволіў вызначыць не толькі агульны ўзровень праекта, але і сфармуляваць па кожным праекце пажаданні на будучае, абазначыць перспектывы развіцця.

Абагульняючы ўражані ад абарон, можна прыйсці да высновы, што студэнты-дыпломнікі завочнай і завочнай скарочанай форм навучання, пераважна за кошт сваёй блізкасці да рэальнага прамысловага сектара, пры абароне дыпломых праектаў прадэманстравалі ўзровень ведаў амаль не горшы за студэнтаў дзённай формы навучання.

Тэматыка дыпломнага праектавання ахоплівала вельмі шырокае кола пытанняў і праблем у розных галінах прамысловасці, навукі і побыту – пачынаючы ад праектаў па малой аўтаматызацыі, і завяршаючы даследаваннямі ў найбольш дасканалых галінах радыёматэрыялазнаўства і эксперыментальнай фізікі. Варта адзначыць, што частка дыпломных праектаў была прымеркавана вырашэнню пад кіраўніцтвам спецыялістаў кафедры навукова-інжынерных задач у рамках выканання міжнароднага праекта Еўрапейскага Саюза «THEOREMS-Dnipro» (Transboundary HydrometEORological and Environmental Monitoring System of Dnipro river, Трансгранічная сістэма гідраметэаралагічнага і экалагічнага маніторынгу ракі Дняпро) па Першай праграме тэрытарыяльнага супрацоўніцтва для краін Усходняга партнёрства «Беларусь – Украіна». Больш за 20 дыпломных праектаў былі падрыхтаваны з выкарыстаннем лабараторнай базы студэнцкай навучальна-даследчай лабараторыі «Радыёаматар», якая функцыянуе на кафедры «Прамысловая электроніка». Макетаванне і эксперыментальная праверка распрацаваных прылад дазволілі дыпломнікам упэўненна адчуваць сябе на абароне дыпломных праектаў.

Сярод дыпломных праектаў, якія абараняліся сёлета, асобна можна вылучыць па актуальнасці і арыгінальнасці рашэнняў наступныя праекты:

  • «Распрацоўка сістэмы «Разумны дом» на галасавым кіраванні» (аўтар – Гапоненка Ягор, кіраўнік і кансультант – асістэнт Н.А.Красоўская);
  • «Сістэма захоўвання і апрацоўкі вымяральнай інфармацыі праекта THEOREMS-Dnipro» (аўтар – Несцярэнка Максім, кіраўнік і кансультант – асістэнт В.А.Хананаў);
  • «Порт падлучэння да бартавой сістэмы аўтамабіля» (аўтар – Салыхаў Мырат, кіраўнік і кансультант – асістэнт В.А.Хананаў);
  • «Стацыянарная прылада рэгістрацыі праходжання ўнутрытрубнай тэхнічнай прылады з магчымасцю праграмнага кіравання» (аўтар – Чарапянка Дзмітрый, кіраўнік і кансультант – асістэнт А.В.Мельнікаў);
  • «Сістэма інтэлектуальнага асвятлення» (аўтар – Шпетны Яўген, кіраўнік і кансультант – асістэнт В.А.Хананаў);
  • «Распрацоўка модуля дыстанцыйнага запуску рухавіка аўтамабіля» (аўтар – Бурван Сяргей, кіраўнік і кансультант – загадчык кафедры Ю.В.Крышнёў);
  • «Распрацоўка сістэмы аўтаматызацыі жылога будынка «Разумны дом» (аўтар – Буткевіч Павел, кіраўнік і кансультант – дацэнт Г.І. Селіверстаў);
  • «Распрацоўка інфармацыйнага бягучага радка з сістэмай аддаленага доступу» (аўтар – Войцік Антаніна, кіраўнік і кансультант – асістэнт А.У.Сахарук).

Таксама неабходна адзначыць чарговую падрыхтоўку і абарону дыпломнага праекта на беларускай мове. Тэма праекта – «Сістэма адлюстравання інфармацыі праекта THEOREMS-Dnipro», аўтар – Уладзімір Рамнёў, кіраўнік – к.т.н., дац. Ю.В. Крышнёў, абаронены з адзнакай «9». Варта адзначыць, што, акрамя гэтага, Уладзімір Рамнёў увесь час свайго навучання прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы матэрыялаў для будучага англа-руска-беларускага слоўніка па радыёэлектроніцы, аўтаматыцы і інфармацыйна-вымяральнай тэхніцы, які рыхтуецца спецыялістамі ўніверсітэта.

Асобныя віншаванні і словы падзякі калектыў кафедры выказвае тым студэнтам-выпускнікам кафедры, якія поруч з выкладчыкамі і супрацоўнікамі кафедры прымалі актыўны ўдзел у вырашэнні навукова-тэхнічных задач у рамках праектаў і дагавораў кафедры – Максіму Несцярэнка, Уладзіміру Рамнёву, Мырату Салыхаву, Максіму Сярдзюкову, Мікалаю Быкаву, Дзмітрыю Даніленка, Мікіце Кавалёву, Антону Лазебнікаву, Дзмітрыю Мельнікаву, Сяргею Хадановічу, Дзмітрыю Чарапянка.

Калектыў кафедры «Прамысловая электроніка» выражае шчырыя спадзяванні, што паспяховая абарона дыпломных праектаў студэнтамі спецыяльнасцей «Прамысловая электроніка» і «Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах» і магістарскіх дысертацый магістрантамі спецыяльнсці «Аўтаматызацыя і кіраванне тэхналагічнымі працэсамі і вытворчасцямі» паслужыць для выпускнікоў добрай пуцёўкай у далейшую прафесійную кар'еру.