Гомельский государственный технический университет имени П.О.Сухого

Сустрэча з паэтамі-сучаснікамі ў чытальнай зале

Сустрэча студэнтаў з паэтамі-сучаснікамі ў чытальнай зале бібліятэкі стала ўжо добрай традыцыяй. 6 мая да нас завіталі госці: вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Ларыса Дзмітрыеўна Раманава і Андрэй Міхайлавіч Мельнікаў – бард, аўтар некалькіх соцень песень пра Гомель, жыццё і каханне на ўласныя вершы і вершы іншых аўтараў.

У сустрэчы прынялі ўдзел студэнты энергетычнага і механіка-тэхналагічнага факультэтаў. Разам з паэтамі і бібліятэкарамі яны слухалі песні і вершы, адказвалі на пытанні літаратурна-краяведчай віктарыны, што прапанавалі госці нашага ўніверсітэта пад эгідай кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Падчас сустрэчы студэнты даведаліся, які помнік архітэктуры ўпрыгожваў галоўную плошчу Гомеля да Рэвалюцыі, як гучаць па-беларуску імёны знаёмых з дзяцінства казачных істот, адшукалі і назвалі выявы бэзу, сланечніка і валошак на каляровых паштоўках, якія атрымалі ў падарунак за правільныя адказы. Самых актыўных і адукаваных Андрэй Міхайлавіч і Ларыса Дзмітрыеўна адзначылі больш каштоўнымі падарункамі – кнігамі.

У чытальнай зале гучала чыстая, меладычная беларуская мова, нашых гасцей падтрымлівалі і студэнты. Узнагародай для паэтаў сталі добрыя ўсмешкі і дружныя апладысменты. Паэты выказалі сваю задаволеннасць нашай творчай, адукаванай моладдзю і свае спадзяванні на новыя сустрэчы ў бібліятэцы Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога.

Падрыхтавалі Юлія Кінчына і Вольга Сотнікава.