Гомельский государственный технический университет имени П.О.Сухого

Спецыялісты Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога прыступаюць да выканання праекта «THEOREMS-Dnipro» у рамках першай Праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва «Беларусь - Украіна»

29 лістапада 2017 года адбылася ўрачыстая цырымонія падпісання грантавых кантрактаў на атрыманне фінансавання Еўрапейскага Саюза для рэалізацыі сумесных праектаў у рамках першай Праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва «Беларусь – Украіна».

Партнёры васемнаццаці трансгранічных праектаў-пераможцаў конкурснага адбору са 148 заявак сабраліся ў Кіеве на цырымонію, якая была арганізавана Праграмай садзейнічання Eastern Partnership Territorial Cooperation (EaPTC) сумесна з Адміністратарам праграмы Deutsche Gesellschaft für Internationale Zusammenarbeit (GIZ, Германія).

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел высокапастаўленыя прадстаўнікі цэнтральных і рэгіянальных органаў улады, Прадстаўніцтваў ЕС, а таксама арганізацый грамадзянскай супольнасці, бізнесу, нацыянальных, рэгіянальных і мясцовых СМІ абедзвюх краін.

«Гэтая праграма – новая, яна не грунтуецца на папярэднім вопыце. Мы ганарымся тым, што змаглі аб'яднаць намаганні па абодва бакі беларуска-ўкраінскай граніцы, – падкрэсліў Яніс Айзcалніекс, каардынатар сектара «Рэгіянальнае і мясцовае развіццё, дэцэнтралізацыя ўлады» Прадстаўніцтва ЕС ва Украіне.

«Падпісанне грантавых кантрактаў па Праграме тэрытарыяльнага супрацоўніцтва Беларусь – Украіна – гэта гістарычна значная падзея, да якой мы доўга ішлі», – заявіла Дзіна Ганчарова, дырэктар Цэнтра міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага саюза ў Беларусі.

«Паколькі гэта пілотная праграма, то шмат будзе залежаць ад поспехаў рэалізацыі гэтых 18 беларуска-ўкраінскіх праектаў, ад магчымасці прымножыць іх вопыт у будучыні», – адзначыла Сабіне Мюлер, рэгіянальны дырэктар GIZ ва Украіне і Рэспубліцы Беларусь.

Спецыялісты Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога  прыступаюць да выканання праекта «THEOREMS-Dnipro» у рамках першай Праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва «Беларусь - Украіна»

Тэматычна 18 беларуска-ўкраінскіх праектаў амаль пароўну размеркаваны паміж трыма прыярытэтамі Праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва Беларусь – Украіна: паляпшэнне ўмоў жыцця мясцовых суполак; рашэнне праблем навакольнага асяроддзя, занятасці, аховы здароўя і іншых, важных для прыгранічных рэгіёнаў сфер; падтрымку культурных, адукацыйных і спартыўных ініцыятыў у абедзвюх краінах.

Прыемна адзначыць, што пераможцам конкурснага адбору сярод іншых з'явіўся праект  «Transboundary Hydro­metEORological and Environmental Monitoring System of Dnipro river (Трансгранічная сістэма гідраметэаралагічнага і экалагічнага маніторынгу ракі Дняпро)», скарочана – «THEOREMS-Dnipro», адным з аўтараў і выканаўцаў якога будзе і Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога. Галаўной арганізацыяй праекта будзе з'яўляцца Чарнігаўскі нацыянальны тэхналагічны ўніверсітэт (Украіна). Акрамя гэтых двух навукова-адукацыйных цэнтраў, якія ў пачатку 2016 года згенеравалі асноўную ідэю праекта, у яго выкананні возьмуць удзел профільныя арганізацыі і арганізацыі грамадскай супольнасці двух краін: Дзеснянскае ўпраўленне водных рэсурсаў (Украіна), Грамадская арганізацыя «Доброчін» (Украіна), Грамадскае аб’яднанне «АСДЕМО» (Беларусь), Гомельскі філіял Белгідрамета (Беларусь), Чарнігаўскі рэгіянальны цэнтр па гідраметэаралогіі (Украіна), Гомельскае абласное аддзяленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і Чарнігаўскае абласное аддзяленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Украіны.

Агульнай мэтай праекта «THEOREMS-Dnipro» з’яўляецца павышэнне эфектыўнасці інтэграванага кіравання трансгранічнымі воднымі рэсурсамі ракі Дняпро.

Асноўнымі прадуктамі праекта павінны стаць:

1. Павышэнне эфектыўнасці сістэмы маніторынгу гідраметэаралагічных і экалагічных параметраў, якія характарызуюць стан трансгранічных водных рэсурсаў басейна ракі Дняпро.

2. Пашырэнне супрацоўніцтва арганізацый Украіны і Рэспублікі Беларусь, якія ажыццяўляюць кантроль і абмен інфармацыяй па гідраметэаралагічнай і экалагічнай сітуацыі трансгранічных водных рэсурсаў басейна ракі Дняпро.

3. Павышэнне ўзроўню грамадскай дасведчанасці і разумення міжнародных праблем выкарыстання водных рэсурсаў і іх уплыву на ўмовы жыцця і эканамічную дзейнасць на трансгранічных тэрыторыях басейна ракі Дняпро.

У рамках праекта плануецца стварэнне двух уніфікаваных аўтаматызаваных гідраметэаралагічных/экалагічных станцый (automated hydrometeorological / environmental stations, AHMES) у месцах шматгадовых гідралагічных назіранняў трансгранічнай зоны ракі Дняпро (на беларускім баку – гідрапост «Лоеў», на ўкраінскім баку – гідрапост «Любеч»).

Спецыялісты Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога  прыступаюць да выканання праекта «THEOREMS-Dnipro» у рамках першай Праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва «Беларусь - Украіна»

Комплекс навукова-інжынерных мерапрыемстваў праекта атульвае наступныя аспекты:

- стварэнне сэнсарнай сістэмы з камплектам вымяральных пераўтваральнікаў (узровень, тэмпература вады, тэмпература паветра, хуткасць ветру, колькасць ападкаў, якасны аналіз вады па асноўных маркерах забруджвання);

- распрацоўка сістэмы электрасілкавання AHMES з выкарыстаннем прынцыпаў «зялёнай» энергетыкі;

- распрацоўка канструктыўнага праектнага рашэння AHMES;

- капітальнае будаўніцтва двух AHMES ў г. Лоеў і г. Любеч;

- распрацоўка праграмна-алгарытмічнага забеспячэння AHMES;

- распрацоўка інфармацыйнай сістэмы верхняга ўзроўню для дыстанцыйнага канфігуравання вымяральнай / тэлекамунікацыйнай сістэмы кожнага AHMES;

- распрацоўка Web-сэрвісу для візуальнага і лічбавага прадстаўлення вымяральнай інфармацыі гідралагічным, метэаралагічнай службам, службам радыяцыйнага кантролю і экалагічнага маніторынгу Беларусі і Украіны;

- стварэнне тэлекамунікацыйнай сістэмы прадстаўлення вымяральнай інфармацыі ў рэальным маштабе часу на Web-рэсурсе;

- стварэнне тэлекамунікацыйнай сістэмы аператыўнага інфармавання службаў МНС Беларусі і Украіны аб небяспечных значэннях рэгіструемых параметраў.

 Заведующий кафедрой «Промышленная электроника»
Крышнев Юрий Викторович