Гомельский государственный технический университет имени П.О.Сухого

Дзень роднай мовы

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца свята - Дзень роднай мовы. Не застаўся ў баку ад гэтай даты і наш універсітэт. «Пачувайся беларусам» - пад такім слоганам ва ўніверсітэце 22 лютага адбыліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтага свята.

На вялікім перапынку ў бібліятэцы ўніверсітэта разгарнулася тэматычная кніжная выстава, на якой былі прадстаўлены кнігі выбітных беларускіх літаратараў на роднай мове.

Гасцямі святочных мерапрыемстваў сталі вядомыя ў Гомелі беларускія літаратары –член Беларускага саюза журналістаў, паэт Болсун Міхаіл Міхайлавіч і паэт Яўген Калашнікаў, былы галоўны інжынер універсітэта, член Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія выступілі з цікавымі жыццёвымі гісторыямі, вытрымкамі сваіх твораў.

У якасці вядучых свята выступілі Качур Святлана Аляксандраўна і загадчык кафедры "Прамысловая электроніка» Крышнёў Юрый Віктаравіч. Трэба адзначыць, што ён чытае лекцыi на беларускай мове, карыстаецца ёю у жыцці і прафесійнай дзейнасці.

Юрый Віктаравіч распавядаў пра ўзнікненне і развіццё беларускай мовы, а затым прапанаваў усім жадаючым праверыць свае веды беларускай мовы ў віктарыне «Размаўляем па-беларуску». Для гэтага трэба было адказаць на пытанні вядучага і перакласцi прапанаваныя тэхнічныя тэрміны.

Пераможцы конкурсаў папоўнілі свае веды ў беларускай мове, атрымалі спецыяльныя прызы, і самае галоўнае - станоўчыя эмоцыі.

Аляксандра Саранчук

Фота С. Міцін